Беларуская мова — родная мова

План правядзення Тыдня беларускай мовы і літаратуры да Дня роднай мовы ў 2025 годзе

СПРАВАЗДАЧА АБ ПРАВЕДЗЕНЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАХ У МЕЖАХ СВЯТКАВАННЯ МІЖНАРОДНАГА ДНЯ РОДНАЙ МОВЫ

СПРАВАЗДАЧА АБ ПРАВЕДЗЕНЫХ  МЕРАПРЫЕМСТВАХ  У   МЕЖАХ СВЯТКАВАННЯ  МІЖНАРОДНАГА  ДНЯ РОДНАЙ МОВЫ ДУА “ТУРЭЦКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА”

 Першы дзень . 17 лютага 2025 г. 

“Роднай мовы – гук чароўны…” Пад такім дэвізам адкрыўся Тыдзень роднай мовы  ў  нашай школе.На інфармацыйных гадзінах “Роднай мове прысвячаецца” вучні  падрабязней даведаліся, чаму датай свята абраны дзень 21 лютага.

Вучні 1-11 класа прынялі ўдзел у акцыі “Фізкультхвілінкі па-беларуску”, тэматычнай выставе “Беларуская мова- мелодыя сэрца.”

Дзень роднай мовы збліжае людзей краіны, нагадвае ,што  ўсе мы — адно цэлае, і толькі ад нас  залежыць будучыня нашай мовы. Давайце шанаваць, берагчы беларускую мову ! Калі мы штодзень будзем размаўляць на нашай роднай мове, яна будзе жыць!  

Дзень другі,18.02.2025 г.

“Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!”- дэвіз  данага  дня.   Была арганізавана выстава малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў, у якой прынялі ўдзел  вучні 5-8 класаў. Самымі актыўнымі былі вучні 7 класа Ходар Д.,Браўко А.,Блашко Ганна.

      Цікава і займальна  прайшла прэзентацыя віншавальных паштовак «Пажаданні  роднай мове», у якой прынялі  ўдзел усе навучэнцы школы. На прыгожых аркушах паперы вучні пісалі цытаты класікаў беларускай літаратуры, радкі вершаў, выказвалі свае пажаданні роднай мове.

     Напрыканцы дня адбыўся чэлендж “Мова родная — мова модная”, у якім прынялі ўдзел усе жадаючыя.

Дзень трэці, 19.02.2025 г.

Смак роднай мовы не павінен забывацца. Калі ты нарадзіўся  беларусам, калі ты жывеш на гэтай зямлі, нельга не шанаваць родную мову, бо менавіта  яна злучае людзей у народ.  

      Дэвіз трэцяга  дня: “Мову родную сваю добра ведаю і люблю.” У гэты дзень  вучні  6- 7 класаў спаборнічалі ў конкурсе  эрудытаў “Ці ведаеш ты сваю мову?” Вучні 3 класа наведалі інтэрактыўны занятак  “Залацінкі роднай мовы.” У бібліятэцы была наладжана выстава “Пісьменнікі-юбіляры.”

Дзень чацвёрты, 20.02.2025 г.

«Я  пявучымі словамі зведаў скарб, што продкі мае назбіралі» -дэвіз усіх мерапрыемстваў гэтага дня. У музеі пад кіраўніцтвам М.Д.Стэльмах быў арганізаваны экскур у мінулае “Народны посуд і хатнія прылады”.Удзельнікі экскурсіі- вучні 5-7 класаў.

        У гэты ж  дзень  адбыўся паэтычны вернісаж “Цудоўны свет Рыгора Барадуліна”(да 90-годдзя з дня нараджэння). Вучні ўспаміналі славутага песняра  слова, чыталі  вершы на  памяць.

     Напрыканцы дня прайшоў конкус “Ці ведаеш ты беларускія песні? ”, у якім прынялі ўдзел  вучні 1-5 класаў.

Дзень пяты, 21.02.2025 г.

У гэты дзень па-асабліваму святочна і радасна. «Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова!»- дэвіз пятага дня Тыдня роднай мовы. Вучні 9-11 класаў, настаўнікі прынялі ўдзел у рэспубліканскай дыктоўцы, прысвечанай 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

       Цікава і займальна  прайшоў моўны турнір «Знаўцы роднай мовы» сярод навучэнцаў 1 і 2 класаў. Рабяты спаборнічалі ў конкурсах «Перакладчыкі», «З бабулінага куфэрка», «Крыжаванка» і інш. Вучні прадэманстравалі сваю кемлівасць, эрудыцыю і добрыя веды па беларускай мове. Удзельнікі турніру атрымалі шмат  пазітыўных эмоцый.

     «Мая родная мова»- пад такой назвай прайшоў у гэты дзень урок-падарожжа для вучняў 3класа. Такія ўрокі спрыяюць выхаванню любові і цікавасці да моўнага багацця свайго народа.

     На працягу ўсяго святочнага дня ладзіліся інтэрактыўныя перапынкі «Размаўляй са мной па-беларуску».

Забава «Па старонках роднай мовы»

РОДНАЙ МОВЕ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

З глыбінных чыстых крыніц, з водару лугавых кветак, з мудрасці народнай бярэ вытокі наша дзіўная ў сваёй прыгажосці Родная мова.

                                                            РОДНАЙ МОВЕ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА.

Анатоль Грачанікаў Мова Мова…
Родная мова
У марах, у песнях, у снах.
Мае ў ёй кожнае слова
Свой колер, і смак, і пах.
Зліваюцца гукі ў словы
I ў рэчышча роднай мовы,
Як рэкі ў мора, цякуць,
I думкі мае плывуць
На хвалях і дзён, і начэй
Да сэрцаў людскіх і вачэй.
Анатоль Грачанікаў Мова… Родная мова У марах, у песнях, у снах. Мае ў ёй кожнае слова Свой колер, і смак, і пах. Зліваюцца гукі ў словы I ў рэчышча роднай мовы, Як рэкі ў мора, цякуць, I думкі мае плывуць На хвалях і дзён, і начэй Да сэрцаў людскіх і вачэй.  
Рыгор Барадулін Мая мова Сцвярджаюць гісторыкі і мовазнаўцы, Што паступова сціраюцца грані нацый І, нібыта як перажытак, аджыць павінна абавязкова Мова маці маёй – беларуская мова… Што мне, як імя ўласнае, блізкая і знаёмая, Што па жылах маіх цячэ і сонным Сажом і Нёманам. Я чакаю часіну сябрыны людской, Але не згаджуся, што родныя мовы луской Былі на рыбіне чалавецтва, Якая ў вечнасць плыве акіянам вечнасці. Галеюць увосень гаі-касмачы, Па вясне расціскаюць лісты Свае кулачкі маладыя. І калі нават мова мая замаўчыць, То не зробіцца мёртвай латынню. Словы, дзе кожны гук Азяблай сініцай цінькае, Не стануць тэрмінамі медыцынскімі. Гэтыя словы Павінны вывучыць будуць нанова, Каб даведацца, Як Русь мая, белая Ад вясновай наквеці І касцей няпрошанай набрыдзі З-пад чарапастых свастык, Вольнай воляй сваёй даражыла, Як з братамі і сёстрамі Шчыра дружыла. Калі мова мая Уліецца ў агульны людскі акіян – Пацячэ ў ім, стрыманая, Цёплым Гальфстрымам. І будзе мне сэрца грэць Кожным ашчаджаным словам, Бо як жыта спрадвечная Беларуская мова!  Генадзь Бураўкін Я ведаю Я ведаю: Нядобрых моў няма, У кожнай мілагучнасць ёсць і сіла, Якая песняроў ускаласіла І мудра зберагла, Каб не скасіла Іх не хлусня, Ні слава, Ні турма. Я слаўлю мову, Што яднання дар Дала і акадэміку, і цеслю. І ў думках нават я не перакрэслю Чужую споведзь і чужую песню, Якія зразумець мне лёс не даў. Як самая дакладная з навук, Нам мова праз стагоддзі захавала Пах палыну, І тонкі звон метала, Арліны клёкат, Гулкі гул абвала – Усё, што пераліта ў кожны гук. І правіла прыдумалі не мы, Што там, Дзе не шануюць роднай мовы, Мялеюць рэкі, Нішчацца дубровы, Каля магілак пасвяцца каровы, Народ там мёртвы, А той край – нямы. Быць у пустэльні не жадаю я. І не хачу я мець сяброў бязмоўных, Бо на зямлі ў нас столькі моў чароўных, Малення поўных І здзіўлення поўных, Усіх пявучых І ўсіх − галоўных. І толькі так − Як роўная між роўных − Жыць можа мова родная мая.
Алесь Бачыла Матчына Мова Жывое ў вяках беларускае слова – Народа душа і народа хвала. Цябе абзывалі “мужыцкаю мовай”, А нам жа ты матчынай мовай была. І самай прыгожай, і самаю мілай, Той маці, што шыла нам світкі з радна, Што ўлетку на рэчцы палотны бяліла, А ўвосень авёс дажынала адна. Той маці, што зімамі кросны снавала, Што з самай калыскі, як толькі магла, Сумленнасці, праўдзе, дабру навучала, Старанна ад розных хвароб берагла. Прыеду дадому… І што за праява… Пачую гаворку, ці песню, ці верш – Здаецца са мной размаўляеш ласкава, І сцежкаю поруч са мною ідзеш. У маках чырвоных гарыць прыгуменне… О матчына мова! Маленства вясна! Ніколі ніхто мне цябе не заменіць, Бо ты, як і маці, на свеце адна.Анатоль Вялюгін Партызанская школа Сухім пергаментам – бяросты скрутак. Мурашкі-літары… На сэрцы смутак: пісаць вучылася палеская дзятва, як вылі “юнкерсы” па сорак сутак, гарэлі воблакі, і дрэвы, і трава. Нястачы сведка – сшытачак з гаймага. Па шоўку сонечнай кары адвага вадзіла, пішучы, няўмелую руку: “Радзіма. Вежа. Сцяг. Палон і Смага”, Гучаць такія ж словы ў “Слове аб палку”! Гартала вечны лемантар дуброва; суняўшы кашаль, грэлася ў пакровы на папялішчах бесхацініца-вайна. …Ніколі не загіне наша мова, калі ў такім агні не згінула яна.    
Сяргей Грахоўскі Каля вогнішча Над восеньскім полем адзіная зорка To знікне, то зноў задрыжыць угары. Павеяла дымам вільготным і горкім З кастра, што, відаць, дагарэў без пары. Знаёмыя пахі сатлелай ігліцы Я прагна ў абветраным полі лаўлю I мару, – да вогнішча б мне прытуліцца, Іскрынку б знайсці, – я агонь распалю. Знайшоў і з-пад прысака выграб жарынку, Дыханнем яе у далонях сагрэў, Падкінуў ігліцы, і цераз хвілінку, Як знічка, агеньчык дрыжаў і гарэў. Я ўкленчыў прад ім, нібы вогнепаклоннік, Прасіў не патухнуць, ажыць і гарэць. Дрыжаў язычок, і зялёненькі конік Да вогнішча выскачыў лапкі пагрэць. Агонь зашугаў, затрашчала ламачча, Гарачыя іскры ляцелі да зор… У полі асеннім – такая удача – Знайсці і раскласці з іскрынкі касцёр. Таму не было мне і ў змроку трывожна, Хоць нейчыя крокі пачуў за спіной: Да вогнішча з поля прыйшоў падарожны, I мы гаварылі на мове адной. Ігліца трашчала, ламачча гарэла, Асеннія ветры свісталі ўвушшу. Мне рукі азяблыя полымя грэла, А роднае слова сагрэла душу.Ларыса Геніюш Мая мова Ў добры час, на ўлонні вясковым, дзе вадзіца крынічная б’е, навучыўся я матчынай мове І задуманых песняў яе. Многа ёсць недасягнутых скарбаў, яшчэ болей прываблівых мар. Я яе ні за што не аддаў бы, бо яна найвялікшы мой скарб! Яна гойдае спевам калыску, літасціва шчабечаў бядзе, на ёй песні складаюць вятрыскі ў неспакойны, разбуджаны дзень. Мая мова не знае змярканняў ад маленства да старасці лет, буду песціць яе, як каханне, разглядаць, як чароўны букет. Можа мовы чужой навучуся, каб суседзяў гасцінна вітаць, але толькі на ёй, беларускай, буду людзям аб долі пяяць. Мая мова, як шчасце на вуснах, хвалявання гарачы прыбой, можа быць, на чужой засмяюся, ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.
Навум Гальпяровіч Сон Мне сніўся сон: мяне не разумелі. Я гаварыў, а словы, быццам град, Па тварах і вачах людзей звінелі I да мяне вярталіся назад. Я гаварыў: адрына, вёска, дзіва. Я гаварыў: каханне, слодыч, спеў. А голасу, ахрыплага і дзікага, Ніхто не чуў, ніхто не разумеў. Муры маўчалі, грозна і сурова, I ў роспачнасці гэтай нематы Падумаў я: калі не трэба мовы, Каму патрэбны гэты свет і ты? I я да нейкай бездані памкнуўся I ўбачыў цемру і свой блізкі скон. Апошні крок… Ды раптам я прачнуўся Такі вось сон. Такі трывожны сон…Янка Купала Роднае слова Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне; Душу мне затрэсла пагудкаю новай, Ты песень наўчыла мяне. Бяссмертнае слова, ты, роднае слова! Ты крыўды, няпраўды змагло; Хоць гналі цябе, накладалі аковы, Дый дарма: жывеш як жыло! Свабоднае слова, ты, роднае слова! Зайграй ты смялей, весялей! Хоць гадзіны сыкаюць, кружацца совы, Жывеш ты на хвалу людзей. Загнанае слова, ты, роднае слова! Грымі ж над радзімай зямлёй: Што родная мова, хоць бедная мова, Мілей найбагатшай чужой!
Леанід Дайнека Беларусь, ты не забыта… Беларусь, ты не забыта. У душы, як Божы знак: Хата… Канюшына… Жыта… Бульба… Бусел… Шпак… Мроя… Хлопец закаханы… Цемра… Шлях дамоў… Беларусь, ты збудавана З беларускіх слоў!  Еўдакія Лось Не чакайце, што буду хваліцца… Не чакайце, што буду хваліцца Перад іншымі мовай маёй. Хіба хваліцца з лесу крыніца, Што грымотней яна за прыбой? Той, хто любіць папраўдзе, ён ціха Слова роднае ў сэрцы спяліць, Беражэ ад пагарднага ліха: Калі слову, то й сэрцу баліць…  
Пімен Панчанка Родная мова Кажуць, мова мая аджывае Век свой ціхі: ёй знікнуць пара. Для мяне яна вечна жывая, Як раса, як сляза, як зара. Гэта ластавак шчабятанне, Звон світальных палескіх крыніц, Сінь чабору, і барвы зарніц, І буслінае клекатанне. Калі ж хто загадае: “Не трэба!” – Адрачэцца ад мовы народ, – Папрашу я і сонца, і неба: Мне не трэба ні славы, ні хлеба, Асудзіце на безліч нягод. Толькі месяцаў назвы пакіньце, Назвы родныя роднай зямлі, Пра якія з маленства ў блакіце Бор шуміць і пяюць жураўлі: Студзень – з казкамі снежных аблокаў, Люты – шчодры на сіні мароз, Сакавік – з сакатаннем і сокам Непаўторных вясновых бяроз, Красавік – час маланак і ліўняў, Травень – з першым каханнем, сяўбой, Чэрвень – з ягаднаю зарой, Ліпень – з мёдам, З пшаніцаю – жнівень, Спелы яблычны верасень, Светлы кастрычнік У празрыстасці чыстай, крынічнай. Лістапад – залаты лістапад, Снежань – першы густы снегапад… Ці плачу я, ці пяю, Ці размаўляю з матуляю – Песню сваю, мову сваю Я да грудзей прытульваю.Сяргей Чыгрын Кажыце сваяцтва, а не радство Кажыце сваяцтва, а не радство, Кажыце краса, пекната, хараство, І дабрыня, меншыня, меншыня – Кажыце, пакуль вам падказваю я. Адметны кажыце і адмысловы – Такія прыгожыя родныя словы. Кажыце круцёлка, а не вяртушка, Кажыце ваяка, жаўнер і ваяр, Ялінка, ядловец, юшка і яр. Малы і малеча, а не малыш, І вельмі прыгожае слова спаміж. Забудзьце ляднік, а ёсць наша – лядоўня, Трайняты кажыце заўжды, а не тройня. Крумкач ці груган, ды толькі не воран Кажыце, калі ён лятае над борам. Ёсць плата, вядома, а не плацеж. Ды куфлем піва суседа пацеш. Пасля пачастуй баханкай хлеба, А не буханкаю – гэтак не трэба. Кажыце, што ў збан малако наліваецца, Але не жбан ці жбанок падстаўляецца. Не загавор вы кажыце, а змова – На словы багатая родная мова. Ёсць слова наросхрыст – не нараспашку, Сарочку сваю апрануць – не рубашку. Ёсць слова паспешлівы – ды не таропкі, Нялёгка прайсці праз горы і сопкі. Ёсць слова таннець – не дзешавець… Нам блізкія словы лягчэй зразумець. На іх і трымаецца родная мова – Таму беражыце яе кожнае слова!  
Аляксей Пысін Дала мне маці гэту мову… Дала мне маці гэту мову, Каб не нямым прыйшоў у свет, Дала мне маці гэту мову, Як спадчыну і запавет. Была яна не беларучкай І на жніве, і на сяўбе; На глебе добрай беларускай Здабыты словы ўсе яе. Прапахлі сонцам і падзолам, Дажджамі, сокамі раслін, Пад знак рукам яе мазольным, Што мелі толькі ў сне спачын. Дачка мая! У жыццёвай прозе У буднях і святочным днём Не пакідай яе ў парозе, Калі ў нечы ўвойдзеш дом.  Максім Танк Родная мова З легендаў i казак былых пакаленняў, З калосся цяжкога жытоў i пшанiц, З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў, З грымучага ззяння бурлiвых крынiц. З птушынага шчэбету, шуму дубровы, I з гора, i з радасцi, i з усяго Таго, што лягло назаўсёды ў аснову Святынi народа, бяссмерця яго, – Ты выткана, дзiўная родная мова. Няма на зямлi таго шчасця i гора, Якога б ты нам перадаць не магла. Няма такiх нетраў, глыбокага мора I гор, праз якiя б ты не правяла Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй Над спаленай хатай, над родным загонам, Над будучыняй і песняй маёй – Над тым, што было i што век будзе вольным. Народ пранясе цябе, родная мова, Святлом незгасальным у сэрцы сваiм Праз цемру і годы змаганняў суровых. Калi ж ападзе і развеецца дым I нiвы васкросшыя закаласяцца, – Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом, Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце, Цымбалам дасi iх сарэбраны гром I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.  

ВЫКАЗВАННІ ПРА РОДНУЮ МОВУ

Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. (Якуб Колас)

Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ. (Іван Мележ)

Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам. (Янка Сіпакоў)

Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць – калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова. (Змітрок Бядуля)

Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі. (Вацлаў Ластоўскі)

Хто саромеецца роднай мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі саромеліся. (Вацлаў Ластоўскі)

Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. (Францішак Багушэвіч)

Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. (Цётка)

Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. (Якуб Колас)

Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю. (Якуб Колас)

Ігнараваць мову – гэта значыць ігнараваць народ, нацыю. (Піліп Пестрак)

Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. (Францішак Скарына)

Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўдзеў чужую апратку – той адышоў ад народу далёка-далёка. Ён чужы ў роднай вёсцы, у сваёй сям’і. І на яго браты глядзяць як на чужынца. (Цётка)

Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны творы, і гэты твор – мова. (Алесь Разанаў)

Незвычайнае хараство і зладжанасць чуецца нам у гучанні роднага слова. (Анатоль Крывіцкі)

Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў. (Уладзімір Караткевіч)

Беларусь-католік, ці беларусь-праваслаўны павінны то помніць, што ў іх адна Бацькаўшчына – Беларусь, адна мова родная – беларуская, адны звычаі і абычаі, адвеку перадаваныя з пакалення ў пакаленне. (Янка Купала)

Там, дзе не шануюць роднай мовы, мялеюць рэкі, нішчацца дубровы, народ той мёртвы, а той край нямы. (Генадзь Бураўкін)

Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне, душу мне затрэсла пагудкаю новай, ты песень наўчыла мяне. (Янка Купала)

Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займае, пасля і зусім замерлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня умерлі! (Францішак Багушэвіч)

Ты мой ясны хлеб і каханы май, песня продкаў, нашчадкаў палі, без цябе, не з табой – не патрэбен мне рай на душы. Ў небясі. На зямлі. (Уладзімір Караткевіч)

Ты, мой брат, каго зваць беларусам, роднай мовы сваёй не цурайся; як не зрокся яе пад прымусам, так і вольны цяпер не зракайся. (Алесь Гарун)

Дык шануй, беларус, сваю мову – гэты скарб наш на вечныя годы, за пашану радзімаму слову ушануюць нас брацця-народы! (Алесь Гарун)

З усяго таго, што лягло назаўсёды ў аснову святынi народа, бяссмерця яго, – ты выткана, дзiўная родная мова. (Максім Танк)

Мова не можа быць дрэннай, або добрай … Бо мова – гэта толькі люстэрка. Тое самае люстэрка, на якое нельга наракаць. (Сяргей Даўлатаў)

Мова падобны на надтрэснуты кацёл, на якім мы выстукваем мелодыі, якія гучаць так, як быццам яны прызначаныя для танцаў мядзведзя, між тым як мы б хацелі прысвяціць іх зорам. (Гюстаў Флабер)

Усе найгалоўныя замежныя мовы можна вывучыць за шэсць гадоў, але для вывучэння сваёй недастаткова і цэлага жыцця. (Вальтэр)

Мова, якой мы карыстаемся, уплывае на наша мысленне … (Бернар Вебер)

Калі мова чалавека млявая, цяжкая, нямоглая, нявызначаная, вельмі адукаваная, то такі, напэўна, і розум гэтага чалавека. (Іаган Гердэр)

Найвялікшая багацце народа – яго мова! Тысячагоддзямі назапашваюцца і вечна жывуць у слове незлічоныя скарбы чалавечай думкі і вопыту. (Міхаіл Шолахаў)

Народ выяўляе сябе ў мове сваёй. Народ дзейнічае; яго дзейнасцю кіруе розум; розум і дзейнасць народа адлюстроўваюцца ў мове яго. (Ізмаіл Сразнеўскі)

Неўміручасць народа – у яго мове. (Чынгіз Айтматаў)

…Нездарма шматпакутныя народы, пераносячы самыя страшныя ўдары лёсу, не могуць толькі перанесці пагібелі роднага слова… (Нестар Катлярэўскі)

Што ні кажы, а родная мова заўсёды застаецца роднай. Калі хочаш гаварыць па душы, нiводнага французскага слова ў галаву не ідзе, а калі хочаш бліснуць, тады іншая справа. (Леў Талстой)

Мова – вопратка думак. (Сэмюэл Джонсан)

Каляндар юбілейных дат

Каляндар юбілейных дат, якія будуць адзначацца ў 2024/2025 навучальным годзе

верасень:95-годдзе з дня нараджэння Мікалая Матукоўскага
кастрычнік:75-годдзе з дня нараджэння Аляксея Якімовіча
лістапад:115-годдзе з дня нараджэння Максіма Лужаніна125-годдзе з дня нараджэння Міхася Лынькова
снежань:90-годдзе з дня нараджэння Івана Чыгрынава
студзень:105-годдзе з дня нараджэння Міколы Аўрамчыка
85-годдзе з дня нараджэння Леаніда Дайнекі
люты:100-годдзе з дня нараджэння Івана Навуменкі
90-годдзе з дня нараджэння Рыгора Барадуліна
сакавік:185-годдзе з дня нараджэння Францішка Багушэвіча
105-годдзе з дня нараджэння Аляксея Пысіна
красавік:85-годдзе з дня нараджэння Віктара Казько
май:125-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Жылкі
чэрвень:75-годдзе з дня нараджэння Аляксея Дударава
125-годдзе з дня нараджэння Кузьмы Чорнага
120-годдзе з дня нараджэння Петруся Броўкі
ліпень:120-годдзе з дня нараджэння Пятра Глебкі
125-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі

Каляндар міжнародных і дзяржаўных свят

1 верасня – Дзень беларускага пісьменства

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

3 сакавіка – Сусветны дзень пісьменніка

21 сакавіка – Сусветны дзень паэзіі

27 сакавіка – Сусветны дзень тэатра

2 красавіка – Міжнародны дзень дзіцячай кнігі

15 красавіка Міжнародны дзень культуры

18 мая – Сусветны дзень музеяў

 25 мая – Дзень філолага